ШВЕ́ДСКА-ПО́ЛЬСКАЯ У́НІЯ 1592—99,

асабістая унія паміж Шведскім каралеўствам і Рэччу Паспалітай. Узнікла пасля смерці караля Швецыі Юхана III

[1568—92],

сын якога, польскі кароль і вял. кн. ВКЛ (з 1587) Жыгімонт III (Сігізмунд III) атрымаў у спадчыну ад бацькі таксама швед. прастол. Унія засталася ў значнай ступені фармальнай, бо Швецыя, дзе ў 1592 у якасці дзярж. рэлігіі канчаткова зацвердзілася лютэранства, не жадала падпарадкоўвацца заўзятаму католіку Жыгімонту III, які не хаваў сваіх намераў аднавіць у гэтай краіне каталіцызм. У 1595 фактычным правіцелем Швецыі стаў дзядзька караля Карл (у 1604—11 кароль Карл IX). У 1598 ён разбіў каля Стонгебру войскі Жыгімонта III, які высадзіўся ў Швецыі, і ў 1599 дамогся пазбаўлення яго швед. кароны. Ш.-п.у. перастала існаваць. Імкненне Жыгімонта III аднавіць яе прывяло да вайны Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600—29.

М.​Г.​Нікіцін.

т. 17, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)